Мне шкада, што ў нашай сям’і гэта першым прамовіў ня я. Гэта сказала Юля, падчас аднаго з нашых вечаровых шпацыраў, задоўга да вайны і нават задоўга да першых яе сыгналаў. “Старога сьвету, у якім мы жылі, больш няма”, — сказала яна, і я раптам усьвядоміў гэта так ясна, пад цёмным небам, пад кантавымі зоркамі — што спыніўся, удыхнуў, закурыў, кіўнуў — і працягнуў: “І новага таксама яшчэ няма. Мы ў пустаце паміж старым і новым”.
Старога сьвету больш няма. А новага яшчэ таксама няма. Пра тое, як мы ўсе жылі раней, можна забыць. Вядома, мы не забудзем. Памяць, узмоцненая тэкстамі, карцінкамі, тактыльнымі ўспамінамі, целам, мілымі дробязямі і галасамі блізкіх і выпадковых людзей, захавае стары сьвет. Захавае — як калекцыю перажытага ў прыватным музэі. Але цяпер трэба вучыцца жыць, не зважаючы больш на пражытае і перажытае. Яно больш нікім не ўлічваецца. Усё, што было — было, але сёньня яно ўжо нікога не цікавіць. Яно не патрэбнае для выжываньня і самарэалізацыі. Пытаньне: як ты зможаш выжыць у новым сьвеце, дзе будзеш браць сілы, на што будзеш арыентавацца і за што хапацца ў гэтым новым Brave New World.
Прасьцей за ўсё старым і дзецям. Тым старым і дзецям, якіх не зьнішчае вайна, старым і дзецям мірных краін. Новы сьвет даруе старым, што яны ня змогуць прыняць новыя правілы. Ён дазволіць ім дажыць зь іх ілюзіямі старога сьвету. Новы сьвет дасьць шанец малым прыстасавацца і ацалець, былі б толькі ў іх разумныя бацькі. Мае старыя бацькі ў Менску наўрад ці гатовыя жыць у Новым сьвеце паводле ягоных законаў, яны там, у Старым, і ён — іхная прывідная гавань.
Цяжэй за ўсё тым, хто паводле ўзросту і здароўя яшчэ належыць да самай актыўнай часткі людзей, тым, чыя маладосьць мінула, а старасьць яшчэ не надышла. Калі ты ўжо навучыўся выжываць і зразумеў правілы гульні, калі ты маеш пэўны жыцьцёвы досьвед і разуменьне небясьпекі, калі ты аброс знаёмствамі, сябрамі і ворагамі, маленькімі багамі і д’ябламі… Калі ты ўжо амаль прыдумаў, як табе ацалець і ня зьнікнуць, як любіць і быць любімым і як прыйсьці да сьмерці бяз сораму і расчараваньня (усе людзі насамрэч заклапочаныя гэтымі трыма праблемамі, хоць мала хто прызнаецца)… У гэты момант табе кажуць , што ўсё гэта лухта. Усё гэта было ў Старым сьвеце. У Новым усё абнуляецца. У Новым вы ўсе — дзеці. Або занадта старыя, каб у ім жыць.
Калі ты будзеш да канца чапляцца за Стары сьвет, калі будзеш пераконваць сябе і іншых, што можна жыць як раней, што яшчэ трошкі і ўсё вернецца — гэта скончыцца асабістай катастрофай. Калі ты разумны чалавек — ты захаваеш Стары сьвет у сваім прыватным пакоі ўспамінаў. І пачнеш разьдзімаць ноздры — спрабуючы ўлавіць, што трэба ад цябе Сьвету Новаму. Што ён хоча? Што ты можаш яму даць? І як зрабіць так, каб ён не забраў усё?
У гэтым Новым сьвеце ня так і важна, што адбылося ў 2020-м, 2014-м, 1992-м, 1975-м, 1945-м, 1939-м, 1917-м і г.д. Не, ён не адмаўляе гісторыю. Проста ён пачынае Новы адлік. І судзіць паводле новых рахункаў.
Пандэмія. Стары сьвет верыў у мэдыцыну і навуку, у эканоміку і рацыянальнасьць. У роўнасьць і свабоду. У дэмакратыю і Нэтфлікс. Новы сьвет прыйшоў і сказаў: вера ў іншым. Важна верыць у тое, што мы зноў — не усемагутныя. Зноў паверыць у роўнасьць сьмерці. У бога і ў вірус.
Вайна. У Новым сьвеце яна не артыкул у энцыкляпэдыі, не далёкі шум з карцінкамі, як звыклі бачыцць вайну новыя эўрапейцы. Ня фільм і ня комікс. Вайна, якая блізка і ў якой гінуць і пакутуюць блізкія табе людзі.
Расея. У Новым сьвеце яна больш не знаходзіць апраўданьняў у выглядзе вялікай літаратуры і гуманістычнай культуры. Яна робіцца Злом. Злом на зломе эпохаў. І рэч тут ня ў кнігах, кнігі застаюцца. І ня ў той ці іншай мове, якая ня ёсьць злом. Рэч у тым, што кнігі больш нічога ня здольныя апраўдаць. Рэч у тым, што мова, любая мова, складзеная са словаў, гіне пад наступам растыражаванай і абсалютна рэальнай карцінкі. Гэта канец сьвятога падману, найтанчэйшай хлусьні, прыдуманай чалавекам.
Мы ішлі па гэтым жыцьці, каб несьці красу. Каб гаварыць пра эрас і танатас. Каб ткаць словы — якія раняць і дапамагаюць уцячы туды, дзе пануе свабода.
Замест гэтага мы малюем плякаты, пішам публіцыстыку, шыем сьцягі, выйграем інфармацыйныя войны, падпісваем звароты, крычым палітыкам: “Уключыце мазгі, праз вас гінуць людзі”. Нам сорамна, што мы такія просталінейныя.
Так загадвае Новы сьвет. Ён толькі пачынаецца. Тое, што адбываецца цяпер — толькі ягоныя першыя крокі. Ён ідзе па галовах і зьдзіўлена азіраецца: як лёгка тут усё паламаць…
Той, хто робіць выгляд, што нічога не адбылося — дурань. Або злачынец. Або працуе на ня самых разумных гаспадароў. Зрэшты, заплацяць усе — і гаспадары таксама.
Новы Сьвет ужо сее паніку.
Ніхто ня ведае, як у ім жыць. На ўсіх узроўнях. Але што я ўсё пра творчых, пра разумных, пра тых, хто за свабоду…
Дыскрымінацыя паводле пашпарту? Калі ласка. Новаму сьвету ўсё роўна, пашпарт ці нацыянальнасьць, мова ці імя.
Эстонія прыпыніла выдачу электроннага рэзыдэнцтва грамадзянам РБ і Расеі і абвясьціла, што і ранейшыя віды на жыхарства могуць быць ануляваныя. Падыхайце ў турме, калі ваша краіна — турма. Бяжыце ад вайны і дыктатуры? Ваша праблема. Беларусы? Тым горш для вас. Новы Сьвет цынічны — але новае заўсёды мае рацыю. Чэскі міністар ня бачыць розьніцы паміж РБ і Расеяй, беларусамі і лукашэнкам. У Польшчы рассылаюць лісты: давайце байкатаваць крамы, дзе ўладальнікі беларусы. Захад, уражаны ўласнай рашучасьцю, абвяшчае ўсіх нас падазронымі асобамі. Які прагрэс у параўнаньні з 2020-м, калі мы ў Беларусі прасілі ў іх дапамогі.
“Што вы там мармычаце? У вас у Беларусі старыя бацькі, якім няма на што жыць? — пытаецца Новы сьвет. — Хай здохнуць. Усе каналы дапамогі ім будуць перакрытыя. Вы мусіце адказаць перад намі за Лукашэнку. Як і вашыя мамы з татамі. Няма чаго было за яго галасаваць і на яго працаваць. Вы ўсе мярзотнікі. Макрон ужо абвінаваціў вас у цынізьме!”
“Ня нас…”
“Вас! Усе вы на адзін твар з вашай кірыліцай у вачах”.
“Але я… “
“Маўчаць, — кажа Новы сьвет. — Я, я, я. Галоўка ад жніўя. Ці жніўня, як там правільна. Нікому тут не цікава, што думаюць ваенныя злачынцы. Ідзі чытай свайго Пушкіна”.
“Але я не…”
“Усе вы чытаеце Пушкіна, гаворыце па-расейску і маеце пашпарт РБ з подпісам начальніка РУУС. Астатняе раскажаш на судзе ў Гаазе, гніда”.
Я магу доўга скардзіцца на Новы сьвет. Як і ты. І зьдзіўляцца, і пратэставаць. Я нават магу паскардзіцца на бюракратыю, скарыстаўшы ўласны досьвед. Я мог бы зараз павіншаваць незалежнае ад Эўропы Злучанае Каралеўства Вялікай Брытаніі і Паўночнай Ірляндыі зь несумненным посьпехам: дзякуючы яго дыпляматам была рашуча спыненая вылазка ў Лёндан заўзятага пуцініста, крамлёўскага вырадка Alhierd Bacharevic. А таксама карэннай масквічкі Юлі Цімафеевай. Усе яны спрабавалі прабрацца ў Лёндан на спэктакль “Сабакі Эўропы”. Усе мелі сіні пашпарт грамадзянаў РБ — які па новых законах робіць яго ўладальніка пэрсонай не другога і ня трэцяга гатунку, як раней, а наогул: тэрарыстам.
Я мог бы доўга іранізаваць, але ня буду. Злучанае Каралеўства тут ні пры чым. Гэта Новы сьвет, у якім ніхто ня мае ні прывілеяў, ні біяграфіі. Адны старыя легенды. Але гэта і праўда прывілеі па цяперашніх часах: трапіць на спэктакль паводле ўласнага рамана. Ці там — уцячы ад арышту, уратаваць сям’ю, ухіліцца ад удзелу ў злачыннай вайне, Усё роўныя ў Новым сьвеце — асабліва там, дзе яшчэ валадарыць Стары.
Але і ён дажывае апошнія дні. Я ня ведаю, як жыць у Новым сьвеце. І я бачу, што гэтага пакуль ня ведае ніхто. Але мы ўжо жывем — і дзень зьмяняе ноч, і вясна зьмяняе зіму, усё як раней. І мы зноў адчуваем боль і крыўду, нянавісьць і любоў. І калі на горад упадзе бомба, памруць людзі. А калі ў мірнай краіне нехта парэжа палец, пойдзе кроў. А час — ён таксама ўсё яшчэ ідзе.
Дзякуй за гэты напамін пра старое добрае жыцьцё, Новы цудоўны сьвет.
Подпишитесь на канал на YouTube. Там много полезных видео!
А чтобы не пропускать новые публикации - используйте Telegram-канал.
И, самое главное - CLUB 90901 - место, где ваш личный проект станет реальностью.